Шапавальства

  Информационный центр
Последние важные новости
 
Всем! Всем! Всем! Сделали возможность вставлять изображения из альбомов и вложений. Снизу, под окошком с сообщением (в расширенном режиме сбоку, под смайликами), соответствующие кнопки.
Ссылка и кнопка

ПОЛУЧИТЕ ЗАКАЗ
на выполнение изделий ручной работы


ИНФОРМАЦИЯ: Нажав такую кнопку, вы перейдете в тему, где мы постоянно выкладываем заказы для мастеров.
 
 
 


[Определение часового пояса]
Быстрая регистрация
Имя:
Адрес электронной почты: Вы согласны с правилами форума?  
Отделение людей от роботов

Подтверждение изображения
Пожалуйста, введите шесть букв и/или цифр, которые изображены на картинке.


Ответить
 
Bookmark and Share Опции темы
Старый 13.01.2011, 23:49   #1
По умолчанию Шапавальства

Не тое дорага, што красна золата,
а тое дорага, што майстра добрага
Прыказка


Настаўнікі з замежжа,
ці як нас вучаць абувацца ў лапці


У Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту на старых драўляных хатах, свірнах ды хлявах трэба было перакрыць саламяныя стрэхі. Такую адказную справу выконвалі не абы хто, а майстры ажно з Нямеччыны. Зразумела, за плату па мерках гэтай краіны. Зараз з тых стрэхаў памалу турысты-наведнікі выцягваюць па саломінцы на сувеніры.
Нашыя ж экскурсанты, сярод якіх трапляюцца людзі сталага веку, што яшчэ памятаюць, як крылі калісьці стрэхі, кажуць, што ранейшыя стрыхары так шчыльна ўкладвалі салому, што ў тую страху нават пальца ўціснуць немагчыма было. Такія майстры жывыя і зараз. Толькі стрэхі ў нас цяпер зусім з іншых матэрыялаў, хаця ў замежжы гэта найбольш папулярная экалагічна чыстая дахоўка, праўда, даволі дарагая. Таму і не зводзяцца там спецыялісты-стрыхары, якія яшчэ і на нашых стрэхах зарабляюць няблага.
Зарабляюць у нас замежнікі і на такім паўзабытым рамястве як шапавальства. Кожны з задавальненнем у міжсезонне абуўся б у лёгкія і цёплыя валёнкі, але мала хто з гарадской моладзі ведае, з чаго і як іх вырабляюць ці, дакладней, валяюць. Нават не ведаюць маладыя і сярэдняга ўзросту людзі такіх слоўкаў як лямец ці воўна. Можа таму і запрасілі да нас замежных настаўнікаў, каб вярнуць з нябыту занядбанае рамяство. Ажно са Швецыі прыехала на Беларусь майстрыха-выкладчыца і ўжо другі раз праводзіла ў Мінску майстар-класы па мастацкіх вырабах з лямцу. Два дні заняткаў каштавалі 40 даляраў. Аказваецца, у Еўропе зараз вельмі модныя і надта дарагія ўпрыгожанні ды вопратка з натуральных тканін з воўны, бавоўны ды лёну, а найбольшай папулярнасцю карыстаюцца ўборы і аксесуары з лямцу.


Свае майстры не звяліся,
альбо айчынны досьвед шапавальства


Шапавальства – гэта шэрстабітны і валяльны промыслы, традыцыйнае мастацтва вырабу з воўны (валенне, качанне) галоўных убораў, валёнак, лямцу. Валеныя шапкі-магеркі і брылі былі вельмі распаўсюджаным у мінулым стагоддзі галоўным уборам беларускіх сялян
У кожным мястэчку і вёсцы былі раней свае ўмельцы, да якіх прыносілі авечую воўну, найперш на валёнкі. Адмысловыя майстры маглі зваляць і рукавіцы, і шапку і нават вельмі цёплую коўдру. Аднак такіх майстроў, а тым больш рамесніцкіх асяродкаў засталося вельмі мала. Хіба толькі на Магілёўшчыне, дзе ў Дрыбінскім раёне дасюль працуюць так званыя шапавалы.
Валянне шапак і дало кустарам на Магілёўшчыне назву – “дрыбінскія шапавалы”. Тут былі майстры-саматужнікі, але быў яшчэ і промысел адыходны. Пасля завяршэння палявых работ шапавалы адпраўляліся ў заробкі і дабіраліся іншым разам не толькі да Масквы ці Кіева, але і ў Еўропу ды нават у Амерыку, як той Шарлоўскі з Дрыбіна, траплялі. Гэты шапавал няблага там зарабляў, бо штогод дасылаў сямейнікам па трыста рублёў, а гэта былі вялікія на той час грошы. Сённяшнія шапавалы дабраліся пакуль што толькі да Масквы, дзе ў самым цэнтры горада разам з работамі майстроў з другіх раёнаў Магілёўскай вобласці былі прадстаўлены работы дрыбінскіх шапавалаў.
Напрыканцы ХІХ стагоддзя, у 80-х гадах у Дрыбіне і Дрыбінскай воласці налічвалася 504 шапавалы. У Старым Дрыбіне гэтым промыслам займаліся 92 чалавекі, у Дрыбіне – 152, у Картыжах – 32, у Пакуцці і Галалобаўцы – па 30 чалавек...
Зараз на Дрыбіншчыне майстэрства шапавальства набыло новае дыханне, ажыло. І гэта насамрэч так, бо пры вырабе валёнак майстры ўкладваюць “душу” ў сярэдзіну абутку. “Душа” – гэта пласт воўны, пры дапамозе якога злучаюцца бакавіны і валёнак набывае патрэбную форму.

Усяго 12 гадзін – і валёнкі гатовыя!


Тэхналогія вырабу валёнкаў не сказаць каб складаная, аднак нялёгкая і даволі працаёмкая. Выкарыстоўваецца шапаваламі авечая воўна восеньскай стрыжкі, добра перабраная і вычасаная. Воўну (ці поўсць авечкі) раскладваюць на стале, потым загортваюць на выкрайку, надаючы пачатковую форму спачатку вялізнага валёнка, і пачынаюць, загарнуўшы ў шчыльную ільняную тканіну, таптаць ці валяць з абодвух бакоў, каб воўна скачалася і стала лямцам. Пры гэтым майстар правярае час ад часу таўшчыню сценак і дзе трэба дадае воўны ці расцягвае таўставатыя месцы, выпроствае складкі. Потым валёнак абліваюць гарачай вадой і, скруціўшы ў рулон, ціскаюць, мнуць, качаюць ва ўсе бакі, час ад часу раўняючы і выпростваючы, зноў і зноў ашпарваючы кіпенем, пакуль абутак не зваляецца да патрэбнага памеру, а лямец стане шчыльным і роўным.
Потым валёнак трэба вывернуць і “пасадзіць на калодку” патрэбнага памеру, а пасля фармаваць з дапамогай правілкі і клінкоў. Пасля гэтага разам з калодкай валёнкі ставяць у добра прапаленую печ. Нарэшце, высушаныя валёнкі застаецца прасмаліць, каб яны мелі прыгожы і, як кажуць, таварны выгляд.
Такім чынам, за 12 гадзін бесперапыннай працы: качання і валяння, таптання і ашпарвання – можна зваляць файныя валёнкі. Паспрабуйце, можа і атрымаецца. Дарэчы, воўны на вялікі, мужчынскі памер валёнкаў неабходна каля паўтара кілаграма, а на жаночыя – не больш 850 грамаў.
І ўсё ж такі за адзін дзень валёнкі зрабіць не атрымаецца, бо для гэтага неабходна найперш падрыхтаваць воўну. Для таго, каб яна стала мяккай, пушыстай і не было камякоў, дрыбінскія шапавалы выкарыстоўвалі такую прыладу для рыхлення воўны, якая называецца “брында” ці “струна”. Патрэбна яшчэ рашотка з лучыны, звязаная шнуркамі, драўляныя калодкі – так званыя “балванкі” і “правідлы” – для надання правільнай формы валёнкам. Трэба мець таксама драўляныя і жалезныя качалкі для раскочвання лямцу, жалезныя шчоткі для расчэсвання ворсу і іншыя інструменты ды прылады.
Не толькі назвы шапавальскіх інструментаў былі адметнымі, але і сама мова майстроў здавалася абсалютна незразумелай для старонняга чалавека. Гэта быў так званы “Катрушніцкі лемязень”.

“Катрушніцкі лемязень”


Гэта зараз нават у Інтэрнэце можна знайсці інфармацыю пра шапавальства. А даўнейшыя майстры не вельмі ахвотна рассакрэчвалі сваё рамяство. Шапавалы з Дрыбінскага раёна нават мову сваю мелі, якая складалася не толькі з прафесійных дыялектаў, а была абсалютна незразумелай для недасведчаных. Каля тысячы патаемных, не проста дыялектных слоў і выразаў, складалі прафесійны говар, своеасаблівы слэнг. Недасведчаныя нават сэнсу размовы шапавалаў зразумець не маглі. Так майстры сакрэты свайго рамяства захоўвалі, а яшчэ падчас вандровак па вёсках іншым разам і гаспадароў-заказчыкаў, якія не надта гасціннымі былі, маглі абдурыць.
Супрацоўнікамі Дрыбінскай раённай бібліятэкі быў сабраны і выдадзены так званы “Катрушніцкі лемязень” – слоўнік дрыбінскіх шапавалаў. Паводле запісаў Е. Р. Раманава, лексічны склад яго налічваў каля 915 слоў і ахопліваў 13 паняційных груп. Дарэчы, сама назва рамяства “шапавальства” і прафесія “катрушнік” таксама з ліку гэтых патаемных слоў.
Гэтыя адмысловыя выразы і патаемныя раней словы і зараз ведаюць ды выкарыстоўваюць прафесіяналы, майстры-рамеснікі, што працуюць на Дрыбіншчыне. Там шапавальства – адмысловы брэнд, які прыцягвае турыстаў, бо не ўсюды ж можна пабачыць, як валяюць валёнкі ці шапку-магерку.

Магерка, брыль і рукавіцы


У ХVІ –ХІХ стагоддзях магерку ці маргелку – мужчынскі галаўны ўбор, распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, мужчыны насілі круглы год. Фасоністая, фарсістая шапка, якая лічылася неад’емнай часткай мясцовага гарнітуру, рабілася дрыбінскімім шапаваламі двух відаў: паўдвайная і двайная, гэта значыць, загорнутая да паловы вышыні і аколыш шапкі шчыльна прылягаў да верху, а ў другім выпадку ён даходзіў да самага краю. Магеркі былі лямцавыя (валяныя з воўны) ці сшытыя з чатырох кускоў тоўстай валянай тканіны. Іх рабілі вышынёй 15-20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў у форме ўсечанага конуса.
Вельмі запатрабаванымі былі вырабы для конскай збруі – лямцы. Без іх нельга было запрэгчы каня, бо яны ўмацоўваліся ў хамуты.
Валяныя лямцавыя брылі насілі ў любую пару году. Формай і памерамі яны былі падобныя да саламяных, толькі лініі пераходу ў іх больш мяккія, пластычныя, а аздабленне больш сціплае. Сёння такія капелюшы вельмі запатрабаваныя ў парылках аматарамі лазні.
Рукавіцы рабілі з шарсцяных нітак, якія майстар намотваў на драўлянае кола, а потым шыдэлкам (кручком) звязваў іх так, як вязалі сурвэткі ці шалікі. Пасля гэтага рукавіцу валялі і яна станавілася вельмі шчыльнай, цёплай. Але больш вядомыя на Дрыбіншчыне рукавіцы з двума ці трыма пальцамі, якія называлі “сподкі”. Па тэхналогіі іх выраблялі як валёнкі, аднак зрабіць такія рукавіцы мог толькі адмысловы спрактыкаваны майстар.

Вяртанне да вытокаў


Такія майстры ёсць у беларускай сталіцы. У самым цэнтры старога горада, у Траецкім прадмесці ў мастацкай галерэі “Славутасць” можна пазнаёміцца з (нельга сказаць – з вырабамі) мастацкімі творамі маладой таленавітай мастачкі, мастака-дызайнера Алены Аляксеевай. На аўтарскай выставе і вопратка, і абутак, і шалікі, і кветкі, а яшчэ і вытанчаная мастацкая вышыўка. Гэта сапраўды высокая мода ў творчасці таленавітага майстра. Рэчы гэтыя, можна сказаць, бясцэнныя. І сапраўды, воўна – з Прыбалтыкі прывезена, а валянне, шапавальства – справа зусім нежаночая, бо так трэба біць-малаціць тую воўну, каб лямец атрымаўся, што і рукі, і плечы, і спіна адымаецца. Нездарма ж даўней толькі мужчыны шапавальствам і, дарэчы, саломапляценнем займаліся. А зараз усё пад сілу нашаму брату.
У міжсезонне перад надыходам зімы нават гараджане ў халодных кватэрах абуваюць валёнкі. З прылаўках размятаюць валёнкі Смілавіцкай фабрыкі, хоць яны і цвёрдыя ды мулкія. Некаторыя модніцы ўжо і па вуліцы разгульваюць у ёменькіх расшытых валёначках. Таму можна смела канстатаваць, што шэрстабітны абутак, валёнкі папулярныя і запатрабаваныя і сёння, а майстры-шапавалы будуць мець заробак.
Аднак каб шапавальства развівалася, трэба мець спецыялізаваныя фермы і разводзіць авечак пажадана раманаўскай пароды. А яшчэ воўну неабходна перапрацоўваць. Некалі былі спецыяльныя прадпрыемствы, дзе воўну часалі. Зараз іх на пальцах пералічыш. І зразумела, неабходна падтрымліваць, заахвочваць майстроў, вучыць моладзь. Вось гэтым і займаюцца на Магілёўшчыне, у прыватнасці, у Дрыбінскім раённым гістарычна-этнаграфічным музеі. Там дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Шапавал”, у склад якога ўваходзяць мясцовыя майстры Любоў Ціханава, Стэфан Багданаў, Рыгор Цыганкоў, Анатоль Міхееў, а таксама навучэнцы Дрыбінскай сярэдняй школы.
Алена Мікалаеўна Рабкавец, дырэктар Дрыбінскага гісторыка-этнаграфічнага музея разам з навуковым супрацоўнікам музея Таццянай Міхайлаўна Чараповіч, майстрыхай-шапавалам прадстаўлялі тэхналогію валяльнай тэхнікі – шапавальства на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь для надання ганаровага статуту гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтаму рэдкаму зараз і унікальнаму промыслу.
Ёсць надзея, што такое арыгінальнае традыцыйнае рамяство як шапавальства не знікне і набудзе новы імпульс і ўвасабленне ў творах маладых майстроў, бо сапраўднае мастацтва вечнае, а творчасць народная заўжды мае працяг.
Галіна СУША
Фотаздымкі аўтара


1. фото Валеначкi Сяргеевай
2. фото. Вопратка Алены Сяргеевай
3. фото. Дрыбiнскiя шапавалы
4. фото Тэхналогiя вырабу валенкау
5. фото. Шалiк А. Сяргеевай
6. фото. Алена Сяргеева
Миниатюры
valyonachk_-alyakseevai.jpg   vopratka-aleny-alyakseevai.jpg   dryb_nsk_ya-shapavaly.jpg   tehnalog_ya-vyrabu-valenkaaa.jpg   shal_k_-a.-alyakseevai.jpg   alena-alyakseeva.jpg  

Последний раз редактировалось romanina; 11.02.2011 в 17:17.
romanina вне форума  
Цитировать
Старый 25.01.2011, 12:20   #2
По умолчанию Re: Шапавальства

Профессия подзабытая да не совсем... Постепенно все возродится. Такие красивые изделия найдут почитателей и покупателей!

Когда-то на мои детские валеночки мама покупала специальные галошики (давно таких не видала)... Чтобы не промокали... Погода нынче часто слякотная... Жалко, если валенки промокнут...
Veslava вне форума  
Цитировать
Ответить


Здесь присутствуют: 1 (пользователей: 0 , гостей: 1)
 
Опции темы

Ваши права в разделе
Вы не можете создавать новые темы
Вы не можете отвечать в темах
Вы не можете прикреплять вложения
Вы не можете редактировать свои сообщения

BB коды Вкл.
Смайлы Вкл.
[IMG] код Вкл.
HTML код Выкл.
Trackbacks are Вкл.
Pingbacks are Вкл.
Refbacks are Выкл.



Текущее время: 13:21. Часовой пояс GMT +3.

Обратная связь - remesla.by - ремесла, ручная работа, хобби, увлечения - это наша жизнь - Архив - Условия использования - Вверх

Powered by vBulletin® Version 1.x.x
Support by SeeRay and DiDiO
Copyright ©2000 - 2019, vBulletin Solutions, Inc. Перевод:
zCarot
Все права защищены. Копирование любого материала с данного форума без разрешения администрации запрещено!